ПРЫПОВЕСЬЦІ. 21. Сэрца валадара ў руцэ ГОСПАДА, як ручаі водаў, Ён скіроўвае яго, куды хоча. Усе шляхі чалавека слушныя ў вачах ягоных, але ГОСПАД узважвае сэрцы. Праведнасьць і суд даспадобы ГОСПАДУ больш, чым ахвяра. Узьнесеныя вочы і надзьмутае сэрца — баразна бязбожных, і гэта грэх. Думкі руплівага прыносяць прыбытак, а кожнага нецярплівага — нястачу. Зьбіраньне скарбаў языком падманлівым — пара, што зьнікае, шуканьне сьмерці. Злачыннасьць бязбожнікаў зьвернецца на іх, бо яны грэбуюць чыніць суд справядлівы. Крывы шлях чалавека нягоднага, а справы чыстага — простыя. Лепей жыць у куце на даху, чым са сварліваю жонкаю ў прасторным доме. Душа бязбожніка жадае зла, ня знойдзе ласкі ў вачах ягоных бліжні яго. Калі караюць насьмешніка, неразумны стаецца мудрэйшым, і калі мудрага вучаць, ён здабывае веданьне. Разважае праведнік пра дом бязбожніка, як гінуць бязбожнікі ў ліхоцьці сваім. Хто вушы свае затыкае на крык убогага, той сам будзе клікаць, але ня будзе адказу. Падарунак таемны тушыць гнеў, а гасьцінец у заўлоньне — вялікую ярасьць. Правасудзьдзе — радасьць для праведніка і загуба для злачынцаў. Чалавек, што зьбіваецца са шляху розуму, супачы?не ў грамадзе памёршых. Хто любіць весяліцца, будзе ў нястачы, а хто любіць віно і алей, ня будзе багатым. Вы?купам за праведніка будзе бязбожнік, а за правага — ліхадзей. Лепш жыць у зямлі пустыннай, чым з жонкай гняўлівай і сварлівай. Прывабныя скарбы і алей у жытле мудрага, а бязглузды чалавек змарнуе іх. Хто імкнецца да праведнасьці і міласэрнасьці, знойдзе жыцьцё, праведнасьць і славу. Мудры ўвойдзе ў горад магутных і зрыне моц, у якой яны мелі пэўнасьць. Хто захоўвае вусны свае і язык свой, захоўвае душу сваю ад бедаў. Пыхлівы і дзёрзкі, называны блюзьнерам, робіць усё ў шале нахабства. Жаданьне гультая заб’е яго, бо рукі ягоныя адмаўляюцца працаваць. Кожны дзень ён жадае і прагне, а праведнік дае і не шкадуе. Ахвяра бязбожнікаў — брыдота, тым больш тыя, якія складаюць яе з падступнасьцю. Сьведка хлусьлівы згіне, а чалавек, які слухае, будзе гаварыць заўсёды. Чалавек бязбожны ўпарты абліччам сваім, а правы разумее шлях свой. Няма мудрасьці, і няма розуму, і няма рады насуперак ГОСПАДУ. Каня рыхтуюць на дзень бітвы, але перамога — ад ГОСПАДА.