ПСАЛЬМЫ. 111. Альлелюя! Буду славіць ГОСПАДА ўсім сэрцам на нарадзе правых і ў грамадзе. Вялікія дзеяньні ГОСПАДА, годныя ўвагі ўсіх, што імкнуцца да іх. Годнасьць і велічнасьць — справы Ягоныя, і праведнасьць Ягоная будзе трываць вечна. Ён памятнымі зрабіў цуды Свае, ГОСПАД літасьцівы і спагадлівы. Ён ежу дае тым, што баяцца Яго, памятае на вякі запавет Свой. Ён распавёў народу Свайму пра сілу дзеяньняў Сваіх, даючы яму спадчыну народаў. Дзеі рук Ягоных — праўда і суд; усе загады Ягоныя верныя, замацаваныя на вякі вечныя, зробленыя ў праўдзе і шчырасьці. Збаўленьне паслаў Ён народу Свайму, пастанавіў на вякі запавет Свой; сьвятое і страшнае імя Ягонае! Страх перад ГОСПАДАМ — пачатак мудрасьці; добры розум маюць усе, што дзейнічаюць у страху Божым. Хвала Ягоная трывае вечна.