БЫЦЬЦЁ. 48. I сталася пасьля падзеяў гэтых: і сказалі Язэпу: “Вось, бацька твой хворы”. I ён узяў двух сыноў сваіх з сабою, Манасу і Эфраіма. I паведамілі Якубу, і сказалі: “Вось, сын твой Язэп прыйшоў да цябе”. I сабраў сілы Ізраіль, і сеў на ложку. I сказаў Якуб Язэпу: “Бог Усемагутны зьявіўся мне ў Люзе, у зямлі Ханаан, і дабраславіў мяне, і сказаў мне: “Вось, Я зраблю цябе плодным, і памножу цябе, і дам табе быць зграмаджэньнем народаў, і дам зямлю гэтую насеньню твайму пасьля цябе на ўласнасьць вечную”. I цяпер два сыны твае, што нарадзіліся табе ў зямлі Эгіпецкай, да прыходу майго да цябе ў Эгіпет, яны — мае; Эфраім і Манаса, як Рубэн і Сымон, будуць мае. А нашчадкі твае, якія ты нарадзіў пасьля іх, будуць твае. Паводле імёнаў братоў сваіх будуць яны называцца у спадчыне сваёй. А ў мяне, калі я прыйшоў з Падану, памерла ў мяне Рахель у зямлі Ханаан, у дарозе, калі яшчэ заставалася кіўра зямлі, каб дайсьці да Ефраты, і я пахаваў яе там, пры дарозе ў Ефрату, гэта значыць Бэтлеем”. I ўбачыў Ізраіль сыноў Язэпа, і сказаў: “Хто яны?” I сказаў Язэп бацьку свайму: “Яны — сыны мае, якіх Бог даў мне тут”. I сказаў Якуб: “Вазьмі, прашу, іх да мяне, і я дабраслаўлю іх”. А вочы Ізраіля сталі цяжкія ад старасьці, ня мог ён бачыць. I наблізіў іх да яго, і ён пацалаваў іх, і абняў іх. I сказаў Ізраіль Язэпу: “Я не спадзяваўся ўбачыць аблічча тваё, і вось, Бог даў мне ўбачыць насеньне тваё”. I адвёў іх Язэп ад каленяў ягоных, і пакланіўся яму абліччам сваім да зямлі. I ўзяў Язэп іх абодвух, Эфраіма правіцай сваёю, леваруч Ізраіля, а Манасу — лявіцай сваёю, праваруч Ізраіля, і наблізіўся да яго. I выцягнуў Ізраіль правіцу сваю, і палажыў на галаву Эфраіма, а ён быў малодшы, а лявіцу сваю — на галаву Манасы, скрыжаваў рукі свае, бо Манаса быў першародны. I дабраславіў Язэпа, і сказаў: “Бог, перад абліччам Якога хадзілі бацькі мае, Абрагам і Ісаак, Бог, Які пасьвіў мяне ад моманту, як я існую, аж да гэтага дня, Анёл, што выбаўляе мяне ад усякага ліха, няхай дабраславіць юнакоў гэтых; і няхай яны будуць названыя імем маім і імем бацькоў маіх, Абрагама і Ісаака, і няхай разрастуцца яны ў мноства сярод зямлі”. I ўбачыў Язэп, што бацька ягоны палажыў правую руку сваю на галаву Эфраіма, і было гэта ліхім у вачах ягоных. I падхапіў ён руку бацькі свайго, каб пералажыць яе з галавы Эфраіма на галаву Манасы. I сказаў Язэп бацьку свайму: “Ня гэтак, ойча мой, бо гэта першародны. Палажы правіцу тваю на галаву ягоную”. I запярэчыў бацька ягоны, і сказаў: “Ведаю, сыне мой, ведаю, таксама ён будзе народам, і таксама ён будзе вялікі, але брат ягоны малодшы будзе большы за яго, і насеньне ягонае будзе поўняю народаў”. I дабраславіў іх у той дзень, кажучы: «Табою будзе дабраслаўляць Ізраіль, кажучы: “Няхай зробіць табе Бог, як Эфраіму і Манасе”». I паставіў Эфраіма перад Манасам. I сказаў Ізраіль Язэпу: «Вось, я паміраю. I Бог будзе з вамі, і верне вас у зямлю бацькоў вашых. I я даў табе адну частку больш за братоў тваіх, тую, якую я ўзяў з рукі Амарэя мячом маім і лукам маім».