БЫЦЬЦЁ. 41. I сталася, што мінула два гады часу, і сьніў фараон, і вось, ён стаіць каля ракі. I вось, з ракі выходзіць сем кароваў прыгожых з выгляду і сытых целам; і пасьвіліся на поплаве. I вось, сем іншых кароваў выходзіць за імі з ракі, брыдкіх з выгляду і худых целам, і сталі каля тых кароваў на беразе ракі. I пажэрлі каровы брыдкія з выгляду і худыя целам сем кароваў прыгожых з выгляду і сытых. I прачнуўся фараон, I заснуў, і сьніў ён другі раз, і вось, сем каласоў вырасьлі на адным сьцябле, здаровых і добрых. I вось, сем каласоў пустых і высушаных усходнім ветрам вырастуаюць пасьля іх. I праглынулі каласы пустыя сем каласоў здаровых і поўных. I прачнуўся фараон, і вось, гэта сон. I сталася раніцаю, што быў стрывожаны дух ягоны, і ён паслаў, і паклікаў усіх варажбітоў Эгіпту і ўсіх мудрацоў яго, і распавёў ім фараон сон свой; і не было нікога, хто б патлумачыў яго фараону. I прамовіў начальнік чашнікаў фараону, кажучы: “Грахі мае ўзгадваю я сёньня. Фараон загневаўся на слугаў сваіх і аддаў мяне пад нагляд у дом начальніка варты, мяне і начальніка пекараў. I мы сьнілі сон у адну ноч, я і ён, кожны са значэньнем сон свой мы сьнілі. I быў там з намі юнак Гебрай, нявольнік начальніка варты. I мы распавялі яму, і ён патлумачыў нам сны нашыя, кажнаму ягоны сон патлумачыў. I сталася, як ён патлумачыў нам, так і сталася: мяне вярнулі на становішча мае, а таго павесілі”. I паслаў фараон, і паклікаў Язэпа; і хутка вывялі яго з лёху. I ён пагаліўся, і зьмяніў адзеньне сваё, і прыйшоў да фараона. I сказаў фараон Язэпу: “Я сьніў сон, і няма нікога, хто б патлумачыў яго. І я чуў, што пра цябе кажуць, што ты, выслухаўшы сон, тлумачыш яго”. I адказаў Язэп фараону, кажучы: “Ня я, але Бог можа адкажа на супакой фараону”. I сказаў фараон Язэпу: “У маім сьне, вось, стаю я на беразе ракі. I вось, з ракі выходзіць сем кароваў сытых целам і прыгожых з выгляду, і пасьвіліся яны на поплаве. I вось, сем кароваў іншых выходзяць пасьля іх, непафарэмныя, вельмі брыдкія з выгляду і худыя целам, я ня бачыў падобных, што да брыдкасьці, у-ва ўсёй зямлі Эгіпецкай. I пажэрлі каровы худыя і брыдкія сем кароваў першых сытых. I ўвайшлі яны ў чэравы іхныя, і не было пазнаць, што яны ўвайшлі ў чэравы іхныя, і выгляд іхні быў паганы, як і спачатку. I я прачнуўся. I ўбачыў я ў сьне, і вось, сем каласоў вырастаюць на адным сьцябле, поўных і добрых. I вось, сем каласоў ценькіх, пустых і высушаных усходнім ветрам растуць пасьля іх. I праглынулі каласы пустыя сем каласоў добрых. Я расказаў гэта варажбітам, але няма нікога, хто б патлумачыў гэта мне”. I сказаў Язэп фараону: “Сон фараона — адзін ён. Што Бог зробіць, Ён паведаміў фараону. Сем кароваў добрых — гэта сем гадоў; і сем тых каласоў добрых — гэта сем гадоў. Гэта сон адзін. I сем кароваў худых і брыдкіх, якія выйшлі пасьля іх — гэта сем гадоў; і сем каласоў пустых, высушаных усходнім ветрам — гэта будзе сем гадоў голаду. Гэта слова, якое я прамовіў да фараона. Што Бог зробіць, Ён паказаў фараону. Вось, сем гадоў прыйдзе вялікага дабрабыту ў-ва ўсёй зямлі эгіпецкай. I настануць пасьля іх сем гадоў голаду; і забудзецца ўвесь той дабрабыт у зямлі Эгіпецкай, і вынішчыць голад гэтую зямлю. I ня будзе відно дабрабыту у зямлі з прычыны голаду, які будзе пасьля, бо будзе ён вельмі цяжкі. А тое, што паўтарыўся гэты сон фараону двойчы, азначае, што вызначана гэта справа ў Бога і неўзабаве Бог зьдзейсьніць гэта. I цяпер няхай прыгледзіць фараон мужа кемлівага і мудрага, і няхай паставіць яго над зямлёю Эгіпецкай. Няхай зробіць фараон, і прызначыць наглядчыкаў над краем, і зьбірае пятую частку ўраджаю з зямлі Эгіпецкае ў сем гадоў дабрабыту. I зьбяруць усякае харчаваньне падчас гэтых добрых гадоў, якія надыйдуць, і няхай зьбіраюць збожжа пад руку фараона на харчаваньне ў гарадах, і няхай захоўваюць. I будзе гэтае харчаваньне на запас зямлі на сем гадоў голаду”. I добрае было гэтае слова ў вачах фараона і ў вачах усіх слугаў ягоных. I сказаў фараон слугам сваім: “Ці знойдзецца такі чалавек, як гэты, які мае ў сабе Духа Божага?” I сказаў фараон Язэпу: “Пасьля таго, як Бог паведаміў табе ўсё гэта, няма нікога такога кемлівага і мудрага, як ты. Ты будзеш над домам маім, і вуснаў тваіх будзе слухацца ўвесь народ мой; толькі пасадам я буду перавышаць цябе”. I сказаў фараон Язэпу: “Глядзі, я паставіў цябе над усёю зямлёю Эгіпецкаю”. I зьняў фараон пярсьцёнак свой з рукі сваёй, і даў яго на руку Язэпу; і апрануў яго ў адзеньне з вісону, і ўзлажыў ланцуг залаты на шыю ягоную; I загадаў вазіць яго на другой калясьніцы сваёй, і крычалі перад ім: “Кланяйцеся!” I паставіў яго над усёй зямлёю Эгіпецкай. I сказаў фараон Язэпу: “Я — фараон, але без цябе ніхто не падніме рукі сваёй і нагі сваёй ў-ва ўсёй зямлі Эгіпецкай”. I назваў фараон імя Язэпава: Цафнат-Панэах, і даў яму за жонку Аснат, дачку Паты-Пэра, сьвятара з Ону. I узьняўся Язэп над зямлёю Эгіпецкаю. Язэпу было трыццаць гадоў, калі ён стаў перад фараонам, валадаром Эгіпту. I выйшаў Язэп ад аблічча фараона, і прайшоў па ўсёй зямлі Эгіпецкай. I выдала зямля ў сем гадоў дабрабыту поўныя жмані збожжа. I зьбіраў ён усякае харчаваньне тых сямі гадоў, якія былі ў зямлі Эгіпецкай, і разьмясьціў харчаваньне ў гарадах; харчаваньне з вакалічных палёў гораду ён складаў у кожным з іх. I сабіраў Язэп збожжа, як пяску марскога, так шмат, ажно перасталі лічыць, бо не было яму ліку. I ў Язэпа нарадзіліся два сыны перш, чым прыйшоў год голаду, якіх нарадзіла яму Аснат, дачка Паты-Пэра, сьвятара з Ону. I назваў Язэп імя першароднага Манаса, бо казаў: “Даў мне Бог забыцца ўсе цяжкасьці мае і ўвесь дом бацькі майго”. А імя другога назваў Эфраім, бо казаў: распладзіў мяне Бог у зямлі нядолі маёй”. I мінулі сем гадоў дабрабыту, які быў у зямлі Эгіпецкай. I пачалі сем гадоў голаду прыходзіць, як сказаў Язэп. I быў голад ва ўсіх краінах, але ў-ва ўсёй зямлі Эгіпецкай быў хлеб. I галадавала ўся зямля Эгіпецкая, і крычаў народ да фараона пра хлеб, і сказаў фараон усім Эгіпцянам: “Ідзіце да Язэпа і рабіце, што ён вам скажа”. I быў голад на ўсім абліччы зямлі, і адчыніў Язэп усе гумны, якія былі ў іх, і прадаваў Эгіпцянам. I павялічваўся голад ў зямлі Эгіпецкай. I з ўсёй зямлі прыходзілі ў Эгіпет купляць у Язэпа, бо павялічваўся голад па ўсёй зямлі.