БЫЦЬЦЁ. 34. I выйшла Дзіна, дачка Леі, якую яна нарадзіла Якубу, паглядзець на дочак зямлі той. I ўбачыў яе Сыхем, сын Гамора Хівея, князя зямлі той, і ўзяў яе, і ляжаў з ёю, і згвалціў яе. I прыляпілася душа ягоная да Дзіны, дачкі Якуба, і ён пакахаў дзяўчыну, і гаварыў да сэрца дзяўчыны. I сказаў Сыхем Гамору, бацьку свайму, кажучы: “Вазьмі мне дзяўчыну гэтую за жонку”. I Якуб пачуў, што зганьблена Дзіна, дачка ягоная, а сыны ягоныя былі пры статку на полі, і маўчаў Якуб, пакуль не прыйшлі яны. I выйшаў Гамор, бацька Сыхему, да Якуба паразмаўляць з ім. А сыны Якуба прыйшлі з поля, і, пачуўшы, засмуціліся мужы, і гневаліся вельмі, бо ганьбу зрабіў Сыхем Ізраілю, лёгшы з дачкою Якуба, бо гэтак ня робіцца. I гаварыў Гамор з імі, кажучы: “Сыхем, сын мой, прыляпіўся душою сваёю да дачкі вашае. Дайце, прашу, яе яму за жонку. І пасваячцеся з намі, дочак вашых дайце нам, а нашых дочак бярыце сабе. I з намі жывіце, і зямля гэтая будзе перад абліччам вашым, жывіце і гандлюйце ў ёй, і бярыце яе на ўласнасьць”. I сказаў Сыхем бацьку ейнаму і братам ейным: “Каб я знайшоў ласку ў вачах вашых, і што скажаце мне, я дам. Павялічце мне вельмі вена і дары, і я дам, што вы скажаце мне, толькі дайце мне дзяўчыну за жонку”. I адказалі сыны Якуба Сыхему і Гамору, бацьку ягонаму, падступна, і гаварылі так, бо ён зганьбіў Дзіну, сястру іхнюю. I сказалі ім: “Ня можам зрабіць гэтага, выдаць сястру нашую чалавеку, які мае скуравінку, бо ганьба гэта для нас. Толькі тады мы пагодзімся з вамі, калі вы будзеце, як мы, каб быў абрэзаны ў вас кожны мужчына. I будзем даваць дочак нашых вам, а дочак вашых браць сабе, і будзем жыць з вамі, і будзем адзін народ. А калі не паслухаеце нас, каб абрэзацца, мы возьмем дачку нашую і адыйдзем”. I былі добрымі словы іхнія ў вачах Гамора і ў вачах Сыхема, сына Гамора. I не затрымаўся юнак той зрабіць гэтую справу, бо ён жадаў дачку Якуба. А ён быў найбольш шанаваны ў-ва ўсім доме бацькі свайго. I прыйшоў Гамор і Сыхем, сын ягоны, да брамы гораду свайго, і гаварылі жыхарам гораду свайго, кажучы: “Гэтыя людзі прыязныя да нас. Няхай яны жывуць у зямлі гэтай і гандлююць у ёй. І зямля гэтая прасторная перад абліччам іхнім. Дочак іхніх возьмем сабе за жонак, а дочак нашых дамо ім. Толькі пры адной умове пагодзяцца з намі людзі гэтыя, каб жыць з намі і быць адным народам, калі у нас будуць абрэзаныя ўсе мужчынскага роду, як яны абрэзаны. Статкі іхнія, і маёмасьць іхняя, і ўся скаціна іхняя, ці ж ня нашая будзе? Толькі пагодзімся з імі, і яны будуць жыць з намі”. I паслухалі Гамора і Сыхема, сына ягонага, усе, што выходзізі з брамы гораду свайго; і былі абрэзаныя ўсе мужчынскага роду, усе, што выходзілі з брамы гораду свайго. I сталася на трэйці дзень, калі яны былі ў вялікім болю, і ўзялі два сыны Якуба, Сымон і Левій, браты Дзіны, кожны меч свой, і ўвайшлі ў горад, які пачуваўся бясьпечна, і забілі ўсіх мужчынаў. I Гамора, і Сыхема, сына ягонага, забілі мячом, і ўзялі Дзіну з дому Сыхема, і выйшлі. Сыны Якуба прыйшлі да забітых і зрабавалі горад за тое, што зганьбілі сястру іхнаю. I авечак іхніх, і валоў іхніх, і аслоў іхніх, і тое, што было ў горадзе і што было ў полі, яны ўзялі. I ўсё багацьце іхняе, і ўсіх дзяцей іхніх, і жанчынаў іхніх ўзялі ў палон, і зрабавалі ўсё, што было ў дамах. I сказаў Якуб Сымону і Левію: “Вы зрабілі зьнішчэньне мяне, зрабіўшы мяне агідным для жыхароў зямлі гэтае, Хананейцаў і Пэрэзэяў, а ў мяне людзей няшмат, і зьбяруцца на мяне, і паб’юць мяне, і будуць зьнішчаны я і дом мой”. А яны сказалі: “Ці ж можна рабіць з сястрою нашаю як з блудніцаю?”