БЫЦЬЦЁ. 27. I сталася, што Ісаак састарэў, і зацемрыліся вочы ягоныя, так што ня мог бачыць, і паклікаў ён Эзава, сына свайго старэйшага, і сказаў яму: “Сыне мой”. І той сказаў яму: “Вось я”. I ён сказаў: “Вось, я састарэў, ня ведаю дня сьмерці маёй. I цяпер вазьмі прылады твае, сагайдак твой і лук твой, і пайдзі ў поле, і ўпалюй мне дзічыны, і зрабі мне прысмакі, якія я люблю, і прынясі мне, і я паем, каб дабраславіла цябе душа мая раней, чым я памру”. А Рэбэка чула, як Ісаак казаў Эзаву, сыну свайму. I пайшоў Эзаў у поле, каб упаляваць дзічыны і прынесьці яе. І сказала Рэбэка Якубу, сыну свайму, кажучы: “Вось, я чула бацьку твайго, як ён казаў брату твайму Эзаву, кажучы: “Прынясі мне дзічыны і зрабі мне прысмакі, і я буду есьці, і дабраслаўлю цябе перад абліччам ГОСПАДА, перад сьмерцю сваёй”. I цяпер, сыне мой, паслухай голасу майго ў тым, што я загадваю табе. Пайдзі да авечак і вазьмі мне адтуль двух казьлянят добрых; і я прыгатую з іх прысмакі для бацькі твайго, якія ён любіць. I ты прынясеш іх бацьку твайму, і ён зьесьць, каб ён дабраславіў цябе перад сьмерцю сваёю”. I сказаў Якуб Рэбэцы, маці сваёй: “Вось жа Эзаў, брат мой, чалавек касматы, а я — чалавек гладкі. Можа, памацае мяне бацька мой, і я буду ў вачах ягоных як той, які ашуквае яго, і навяду на сябе праклён, а не дабраславеньне”. I сказала яму маці ягоная: “На мне будзе праклён твой, сыне мой, толькі паслухай голасу майго і ідзі, і вазьмі мне”. І ён пайшоў, і ўзяў, і прынёс маці сваёй, і зрабіла маці ягоная прысмакі, якія любіў бацька ягоны. I ўзяла Рэбэка адзежу Эзава, сына свайго старэйшага, найкаштоўнейшую, што была ў яе дома, і апранула Якуба, сына свайго малодшага, і скуркамі казьлянят абкруціла рукі ягоныя і гладкую шыю ягоную, і дала прысмакі і хлеб, які яна зрабіла, у рукі Якуба, сына свайго. I ўвайшоў ён да бацькі свайго, і сказаў: “Ойча мой!” I сказаў ён: “Вось я. Хто ты, сыне мой?” I сказаў Якуб бацьку свайму: “Я — Эзаў, першародны твой. Я зрабіў, як ты сказаў мне, Устань, сядзь і еш дзічыну маю, каб дабраславіла мяне душа твая”. I сказаў Ісаак сыну свайму: “Як гэта так хутка ты знайшоў яе, сыне мой”. А той сказаў: “Бо справіў гэта ГОСПАД, Бог твой, перад абліччам маім”. I сказаў Ісаак Якубу: “Наблізься, я памацаю цябе, сыне мой, ці ты сын мой Эзаў, ці не”. I наблізіўся Якуб да Ісаака, бацькі свайго, і ён памацаў яго, і сказаў: “Голас — голас Якуба, але рукі — рукі Эзава”. І не пазнаў яго, бо рукі ягоныя былі як рукі брата ягонага, касматыя, і дабраславіў яго. I сказаў: “Ці ты — сын мой Эзаў?” І ён сказаў: “Я”. I сказаў: “Дай мне, і я буду есьці дзічыну, сыне мой, каб дабраславіла цябе душа мая”. I ён даў яму, і ён еў; і прынёс яму віна, і ён піў. I сказаў яму Ісаак, бацька ягоны: “Наблізься і пацалуй мяне, сыне мой”. I ён наблізіўся, і пацалаваў яго. I адчуў ён пах адзежы ягонае, і дабраславіў яго, і сказаў: “Вось, пах сына майго, як пах поля, якое дабраславіў ГОСПАД. I няхай дасьць табе Бог расу з неба і тлустасьць з зямлі, і мноства збожжа і віна. Няхай служаць табе народы, і няхай кланяюцца табе плямёны. Будзь гаспадаром над братамі тваім, і няхай кланяюцца табе сыны маці тваёй. Хто праклінае цябе, будзе пракляты, а хто дабраслаўляе цябе, будзе дабраславёны”. I сталася, калі скончыў Ісаак дабраслаўляць Якуба, і вось, адыходзячы, адыйшоў Якуб ад аблічча Ісаака, бацькі свайго, Эзаў, брат ягоны, прыйшоў з паляваньня свайго. I зрабіў ён таксама прысмакі, і прынёс бацьку свайму, і сказаў бацьку свайму: “Устань, ойча мой, і зьеш дзічыну сына свайго, каб дабраславіла мяне душа твая”. I сказаў яму Ісаак, бацька ягоны: “Хто ты?” І ён сказаў: “Я — сын твой першародны Эзаў”. I задрыжэў Ісаак дрыжэньнем вельмі вялікім, і сказаў: “Хто ж быў той, які ўпаляваў дзічыну і прынёс мне, і я еў усё перш, чым ты прыйшоў, і я дабраславіў яго? Ён будзе дабраслаўлёны”. Калі пачуў Эзаў словы бацькі свайго, закрычаў крыкам вялікім і надта горкім, і сказаў бацьку свайму: “Дабраславі мяне, таксама і мяне, ойча мой!” I сказаў той: “Брат твой прыйшоў падступна і ўзяў дабраславеньне тваё”. I сказаў ён: “Ці не таму названае імя ягонае Якуб, і вось, ашукаў мяне ўжо двойчы! Ён забраў першародзтва маё, і вось цяпер забраў дабраславеньне маё”. I сказаў: “Няўжо ты не захаваў для мяне дабраславеньня?” I адказаў Ісаак, і сказаў Эзаву: “Вось, я паставіў яго гаспадаром над табою, і ўсіх братоў ягоных аддаў яму за слугаў, і збожжам і віном абдарыў яго. А табе што я зраблю, сыне мой?” I сказаў Эзаў бацьку свайму: “Ці толькі адно дабраславеньне ў цябе, ойча мой? Дабраславі мяне, таксама мяне, ойча мой!” I узвысіў Эзаў голас свой, і заплакаў. I адказаў Ісаак, бацька ягоны, і сказаў яму: “Вось, далёка ад тлустасьці зямлі будзе месца жыцьця твайго і далёка ад расы з неба з гары, і з мяча свайго будзеш жыць, і брату свайму будзеш служыць. І станецца, што ты запануеш, і скінеш ярмо ягонае з шыі сваёй”. I зьненавідзеў Эзаў Якуба дзеля дабраславеньня, якім дабраславіў яго бацька ягоны, і сказаў Эзаў у сэрцы сваім: “Набліжаюцца дні жалобы па бацьку маім, і я заб’ю Якуба, брата майго”. I распавялі Рэбэцы словы Эзава, сына ейнага старэйшага, і яна паслала, і паклікала Якуба, сына свайго малодшага, і сказала яму: “Вось, Эзаў, брат твой, суцяшае сябе адносна цябе, што заб’е цябе. I цяпер, сыне мой, паслухай голасу майго, і ўстань, уцякай да Лявана, брата майго, ў Харан, і пажыві з ім нейкі час, пакуль адыйдзе гнеў ад брата твайго. Калі адыйдзе гнеў на цябе ад брата твайго, і ён забудзецца, што ты ўчыніў яму, я пашлю і вазьму цябе адтуль. Дзеля чаго маю страціць абодвух у адзін дзень?” I сказала Рэбэка Ісааку: “Абрыдла мне жыцьцё маё з прычыны дачок Хета. Калі возьме Якуб жонку з дачок Хета, якія з дачок гэтае зямлі, дык навошта мне жыцьцё?”