БЫЦЬЦЁ. 19. І прыйшлі два анёлы ў Садом увечары, а Лёт сядзеў у браме Садома. І ён убачыў, і пайшоў насустрач ім, і пакланіўся тварам да зямлі, і сказаў: “Вось, прашу, гаспадары мае, зьвярніце ў дом слугі вашага і пераначуйце, і памыйце ногі свае, а раніцою ўстанеце і пойдзеце ў дарогу сваю”. А яны сказалі: “Не, бо мы будзем начаваць на вуліцы”. Але ён іх вельмі упрошваў, і яны зьвярнуліся да яго, і ўвайшлі ў дом ягоны. І ён справіў ім гасьціну, і напёк праснакоў, і яны елі. Яшчэ не ляглі яны спаць, як людзі з гораду, людзі Садомскія, атачылі дом, ад малога да старога, увесь народ з усіх канцоў. І паклікалі яны Лёта, і сказалі яму: “Дзе тыя людзі, што прыйшлі да цябе ноччу? Выведзі іх да нас, і мы спазнаем іх”. І выйшаў да іх Лёт да уваходу, і замкнуў за сабою дзьверы, і сказаў: “Прашу, браты мае, не рабіце ліхога. Вось, маю дзьве дачкі, якія не спазналі мужа, выведу іх да вас, і вы рабіце з імі, што добра ў вачах вашых! Толькі людзям гэтым нічога не рабіце, бо яны прыйшлі ў цень даху майго”. Але яны сказалі: “Ідзі прэч”. І сказалі: “Сам прыйшоў пажыць, і будзе судзіць, судзячы нас? Цяпер будзе табе горш, чым ім”. І накінуліся на чалавека гэтага, на Лёта , і падыйшлі, каб выламіць дзьверы. І выцягнулі мужы тыя рукі свае, і ўцягнулі Лёта да сябе ў дом, і замкнулі дзьверы. А людзей, што былі пры ўваходзе ў дом, ад найменшага да найбольшага, пакаралі сьлепатою, і яны змучыліся, шукаючы выхаду. І сказалі тыя мужы Лёту: “Ці хто яшчэ ёсьць у цябе тут? Зяця, сыноў тваіх і дачок тваіх, усіх, хто ў цябе ёсць у горадзе, выведзі з гэтага месца, бо мы зьнішчым гэтую мясцовасьць, таму што вялікі крык іхні перад абліччам ГОСПАДА, і ГОСПАД паслаў нас зьнішчыць яе”. І выйшаў Лёт, і гаварыў да зяцёў сваіх, якія мелі ўзяць дочак ягоных, і сказаў: “Уставайце, выходзьце з гэтага месца, бо ГОСПАД мае зьнішчыць горад”. І было ў вачах зяцёў ягоных гэта, нібыта ён жартуе. Калі ўзыйшла зараніца, анёлы прысьпешвалі Лёта, кажучы: “Уставай, бяры жонку тваю і дзьве дочкі твае, якія тут, каб не загінуў ты праз беззаконьні гораду гэтага”. А як ён марудзіў, схапілі тыя мужы за руку яго, і за руку жонку ягоную, і за руку абодвух дачок ягоных, бо ГОСПАД меў спагаду да яго, і вывелі яго, і паставілі па-за горадам. І сталася, калі вывелі іх вонкі, сказаў адзін з іх: “Уцякай дзеля душы тваёй, і не аглядайся назад, і не затрымлівайся ў гэтай ваколіцы. Уцякай на гору, каб ты не загінуў!” І сказаў Лёт да іх: “О не, Госпадзе! Вось жа, слуга Твой знайшоў ласку ў вачах Тваіх, і Ты павялічыў міласэрнасьць Сваю, якую зьявіў для мяне, захоўваючы пры жыцьці душу маю. Але я не магу ўцячы на гору, каб не напаткала мяне ліхое, і я не памёр. Вось жа горад гэты блізка, каб бегчы туды, і ён малы. Дазволь уцячы мне туды, — ці ж не малы ён, — і будзе жыць душа мая”. І сказаў яму: “Вось, Я прыняў аблічча тваё і ў гэтым слове, і ня зьнішчу горад, пра які ты гаварыў. Сьпяшайся, уцякай туды, бо Я не магу нічога рабіць, пакуль ты ня прыйдзеш туды”. Таму і названае імя гэтаму гораду Цаар. Сонца узыйшло над зямлёю, і Лёт увайшоў у Цаар. І ГОСПАД лінуў на Садом і Гамору дождж серкі і агня ад ГОСПАДА зь неба, і зруйнаваў гарады гэтыя, і ўсю ваколіцу, і ўсіх жыхароў гарадоў гэтых, і расьліны зямлі. І аглянулася жонка ягоная, ідучы за ім, і сталася слупом солі. І ўстаў Абрагам раніцаю на тое месца, дзе стаяў перад абліччам ГОСПАДА, і глянуў на аблічча Садома і Гаморы, і на аблічча ўсёй зямлі той ваколіцы, і ўбачыў, і вось дым падымаецца з зямлі, быццам з печы. І сталася, калі Бог зьнішчыў гарады гэтай ваколіцы, узгадаў Бог пра Абрагама, і выслаў Лёта з-паміж руйнаваньня, калі руйнаваў гарады, у якіх жыў Лёт. І падняўся Лёт з Цаару, і жыў на гары, і дзьве дачкі ягоныя з ім, бо баяўся жыць ў Цаары. І жыў ён у пячоры, сам і дзьве дачкі ягоныя. І сказала старэйшая малодшай: “Бацька наш стары, і няма мужчыны на зямлі, каб мог прыйсьці да нас па звычаю ўсёй зямлі. Хадзем, напоім бацьку нашага віном і ляжам з ім, каб ажывіць насеньне бацькі нашага”. І напаілі яны ў тую ноч бацьку свайго віном; і ўвайшла старэйшая, і ляжала з бацькам, а ён ня ведаў, ані калі яна легла, ані калі ўстала. І сталася на другі дзень, сказала старэйшая малодшай: “Вось, я ў мінулую ноч ляжала з бацькам нашым. Нпоім яго віном таксама ў гэтую ноч, і ты ўвойдзеш, і ляжаш з ім, і мы ажывім насеньне бацькі нашага”. І напаілі яны таксама ў гэтую ноч бацьку свайго віном, і ўвайшла малодшая дачка, і ляжала з ім, а ён ня ведаў, ані калі яна легла, ані калі ўстала. І зачалі абедзьве дачкі Лёта ад бацькі свайго. І нарадзіла старэйшая сына, і назвала імя яго Мааў. Ён — бацька Мааву аж да сёньня. І малодшая таксама нарадзіла сына, і назвала імя яго Бэн-Аммі. Ён — бацька сыноў Амона аж да сёньня.