БЫЦЬЦЁ. 12. І сказаў ГОСПАД Абраму: “Выйдзі з зямлі тваёй і ад родзічаў тваіх, і з дому бацькі твайго ў зямлю, якую Я пакажу табе. І Я зраблю з цябе вялікі народ, і дабраслаўлю цябе, і ўзьвялічу імя тваё, і будзеш ты дабраславенствам. І Я дабраслаўлю тых, якія будуць дабраслаўляць цябе, а тых, якія будуць праклінаць цябе, Я пракляну. І будуць дабраслаўлёныя ў табе ўсе плямёны зямлі”. І пайшоў Абрам, як загадаў яму ГОСПАД, і з ім пайшоў Лёт. Абрам меў семдзесят пяць гадоў, калі выйшаў з Харану. І ўзяў Абрам Сарай, жонку сваю, і Лёта, сына брата свайго, і ўсю маёмасьць, якую прыдбалі, і слугаў, якіх набылі ў Харане, і выйшлі, каб пайсьці ў зямлю Ханаан. І прыйшлі яны ў зямлю Ханаан. І прайшоў Абрам гэтую зямлю аж да мясцовасьці Сыхем, аж да дубровы Марэ. А ў той зямлі жылі тады Хананейцы. І зьявіўся ГОСПАД Абраму, і сказаў: “Насеньню твайму Я дам гэтую зямлю”. І ён збудаваў там ахвярнiк ГОСПАДУ, Які зьявіўся яму. Адтуль перайшоў ён на гору на ўсход ад Бэтэлю і паставіў намёт свой, маючы Бэтэль на захадзе, а Гай на ўсходзе. І там збудаваў ахвярнiк ГОСПАДУ, і заклікаў імя ГОСПАДА. І вандараваў Абрам далей, і павандраваў у Нэгеў. І стаўся голад у той зямлі. І зыйшоў Абрам у Эгіпет, каб пажыць там, бо вялікі голад быў у той зямлі. І сталася, калі набліжаліся яны да Эгіпту, сказаў ён жонцы сваёй Сарай: “Вось, я ведаю, што ты жанчына прыгожая, і станецца, калі ўбачаць цябе Эгіпцяне і скажуць: “Гэта жонка яго”, заб’юць мяне, а цябе пакінуць. Дык кажы, што ты сястра мая, каб мне было добра дзеля цябе і каб я застаўся жывы дзякуючы табе”. І сталася, калі Абрам прыйшоў у Эгіпет, ўбачылі Эгіпцяне, што Сарай вельмі прыгожая жанчына. І ўбачылі яе князі фараона, і хвалілі яе перад фараонам. І была ўзятая жанчына ў дом фараона. А Абраму было добра дзеля яе. І сталася, што атрымаў ён авечак і валоў, і аслоў, і слугаў, і нявольніцаў, і асьліцаў, і вярблюдаў. І наведаў ГОСПАД фараона і дом ягоны вялікімі карамі з прычыны Сарай, жонкі Абрама. І паклікаў фараон Абрама, і сказаў яму: “Што ты мне зрабіў? Чаму не сказаў мне, што яна — жонка твая? Чаму ты казаў: “яна — сястра мая”, і я ўзяў яе сабе за жонку? Вось табе жонка твая, бяры і ідзі!” І загадаў фараон людзям сваім, і яны выслалі Абрама, і жонку ягоую, і ўсё, што ён меў.