БЫЦЬЦЁ. 11. І была на ўсёй зямлі адна мова і адны словы. І сталася, калі яны вандравалі з усходу, знайшлі раўніну ў зямлі Шынаар і там пасяліліся. І сказалі яны адзін аднаму: “Давайце наробім цэглы і абпалім яе агнём”. І была ў іх цэгла замест камянёў, а смала была ў іх замест вапны. І сказалі яны: “Давайце зробім сабе горад і вежу, у якой верх будзе да неба, і гэтым зробім сабе імя, каб не расьцярушыліся мы па абліччу ўсёй зямлі”. І зыйшоў ГОСПАД, каб убачыць горад і вежу, якую будавалі сыны чалавечыя. І сказаў ГОСПАД: “Вось, адзін народ і адна для ўсіх мова. І вось, што пачалі яны рабіць. І цяпер не спыніць іх ва ўсім, што яны задумалі зрабіць. Давайце зыйдзем і памяшаем там іхнюю мову, каб не маглі разумець мовы адзін аднаго”. І расьцярушыў іх ГОСПАД з таго месца па абліччы ўсёй зямлі, і яны перасталі будаваць горад. Дзеля таго названа імя яго Бабілон, бо там зьмяшаў ГОСПАД мову ўсяе зямлі, і адтуль расьцярушыў іх ГОСПАД па абліччы ўсёй зямлі. Вось радавод Сэма. Сэм меў сто гадоў і нарадзіў Арпахшада праз два гады пасьля патопу. І жыў Сэм па нараджэньні Арпахшада пяцьсот гадоў, і нарадзіў сыноў і дачок. І Арпахшад жыў трыццаць пяць гадоў, і нарадзіў Шэляха. І жыў Арпахшад па нараджэньні Шэляха чатырыста тры гады, і нарадзіў сыноў і дачок. І Шэлях жыў трыццаць гадоў, і нарадзіў Эвэра. І жыў Шэлях па нараджэньні Эвэра чатырыста тры гады, і нарадзіў сыноў і дачок. І жыў Эвэр трыццаць чатыры гады, і нарадзіў Пэлега. І жыў Эвэр па нараджэньні Пэлега чатырыста трыццаць гадоў, і нарадзіў сыноў і дачок. І жыў Пэлег трыццаць гадоў, і нарадзіў Рэву. І жыў Пэлег па нараджэньні Рэву дзьвесьце дзевяць гадоў, і нарадзіў сыноў і дачок. І жыў Рэву трыццаць два гады, і нарадзіў Сэруга. І жыў Рэву па нараджэньні Сэруга дзьвесьце сем гадоў, і нарадзіў сыноў і дачок. І жыў Сэруг трыццаць гадоў, і нарадзіў Нахора. І жыў Сэруг па нараджэньні Нахора дзьвесьце гадоў, і нарадзіў сыноў і дачок. І жыў Нахор дваццаць дзевяць гадоў, і нарадзіў Тэраха. І жыў Нахор па нараджэньні Тэраха сто дзевятнаццаць гадоў, і нарадзіў сыноў і дачок. І жыў Тэрах семдзесят гадоў, і нарадзіў Абрама, Нахора і Арана. І вось радавод Тэраха. Тэрах нарадзіў Абрама, Нахора і Арана, а Аран нарадзіў Лёта. І памёр Аран перад абліччам Тэраха, бацькі свайго, у зямлі нараджэньня свайго, у Уры Халдэйскім. І ўзялі Абрам і Нахор сабе жонак. Імя жонкі Абрама — Сарай, а імя жонкі Нахора — Мілька, дачка Арана, бацькі Мількі і бацькі Іскі. І была Сарай бясплодная, яна ня мела дзяцей. І ўзяў Тэрах Абрама, сына свайго, і Лёта, сына Арана, унука свайго, і Сарай, нявестку сваю, жонку Абрама, сына свайго, і выйшаў з імі з Уру Халдэйскага, каб ісьці ў зямлю Ханаан. І прыйшлі ў Харан, і пасяліліся там. І было дзён Тэраха дзьвесьце пяць гадоў жыцьця, і памёр Тэрах у Харане.