БЫЦЬЦЁ. 10. Вось радавод сыноў Ноя: Сэма, Хама і Яфэта. І нарадзіліся ім сыны пасьля патопу. Сыны Яфэта: Гамэр, Магог, Мадай, Яван, Туваль, Мэшэх і Тырас. Сыны Гамэра: Ашкеназ, Рыфат і Тагарма. Сыны Явана: Эліша i Таршыш, Кіттым і Даданім. Ад іх паходзяць астравы народаў у землях іхніх, кожны паводле мовы сваёй і паводле плямёнаў сваіх, у народах сваіх. Сыны Хама: Куш, Міцраім, Пут i Ханаан. Сыны Куша: Сэва, Хавіля, Саўта, Раама i Саўтэха. Сыны Раамы: Шэва і Дэдан. А Куш нарадзіў Німрода. Ён пачаў быць магутным на зямлі. Ён быў магутны паляўнічы перад абліччам ГОСПАДА. Таму кажуць: “Як Німрод, магутны паляўнічы перад абліччам ГОСПАДА”. І пачаткам валадараньня яго былі Бабілон, Эрэх, Акад і Кальнэ ў зямлі Шынаар. З тае зямлі выйшаў Ашур і пабудаваў Нініву, Рэхавот-Ір, Калях і Рэсэн, вялікі горад між Нінівай і Каляхам. А Міцраім нарадзіў Людыма, і Анаміма, і Легавіма, і Нафтухіма, і Патрусіма і Касьлюхіма, ад якіх паходзяць Філістынцы, і Кафторыма. А Ханаан нарадзіў Сідона, першароднага свайго, і Хета, і Евусея, і Амарэя, і Гіргашэя, і Хівея, і Аркея, і Сінея, і Арвадзея, і Цэмарэя, і Хаматэя; а пасьля расьсеяліся плямёны Хананейскія. І была мяжа Хананейцаў ад Сідону ў напрамку Герару аж да Газы, а ў напрамку Садома і Гаморы, і Адмы, і Цэвоіма — аж да Ляшы. Гэта сыны Хама паводле сваіх плямёнаў, паводле сваіх моваў, у землях сваіх і ў народах сваіх. А Сэм, бацька ўсіх сыноў Эвэра, старэйшы брат Яфэта, нарадзіў сыноў. Сыны Сэма: Элям, Ашур, Арпахшад, Люд і Арам. Сыны Арама: Уц, Хуль, Гетэр і Маш. А Арпахшад нарадзіў Шэляха, а Шэлях нарадзіў Эвэра. А ў Эвэра нарадзіліся два сыны: аднаго імя Пэлег, таму што ў дні ягоныя разьдзялілася зямля, а імя брата ягонага — Ёктан. Ёктан нарадзіў Альмадада, і Шалефа, і Хацармавэта, i Яраха, і Гадарама, і Узаля, і Дыклю, і Аваля, і Авімаэля, і Шэву, і Афіра, і Хавіля, і Ёвава. Гэтыя ўсе — сыны Ёктана. Месца іх пражываньня было ад Мэшы ў напрамку Сэфару на ўсход. Гэта сыны Сэма паводле сваіх плямёнаў, паводле сваіх моваў, у землях сваіх і ў народах сваіх. Гэта вось плямёны сыноў Ноя паводле радаводаў у народах сваіх. Ад іх распаўсюдзiліся народы на зямлі пасьля патопу.