БЫЦЬЦЁ. 9. І дабраславіў Бог Ноя і сыноў ягоных, і сказаў ім: “Пладзіцеся і множцеся, і напаўняйце зямлю. Няхай баяцца вас і дрыжаць перад вамі усе зьвяры зямлі, і ўсе птушкі паднебныя; і ўсё, што рухаецца па зямлі, і ўсе рыбы марскія аддадзеныя ў рукі вашыя. Усё, што рухаецца, што жыве, будзе вам на ежу; як траву зялёную, Я даў вам усё. Толькі цела з душою яго, з крывёю яго, ня ешце. І толькі кроў вашу душаў вашых Я буду шукаць, з рукі ўсякага зьвера буду шукаць яе, i з рукі чалавека, з рукі кожнага брата ягонага буду шукаць душу чалавека. Хто праліе кроў чалавека, таго кроў будзе праліта рукою чалавека, бо чалавек зроблены на вобраз Божы. А вы пладзіцеся і множцеся, распаўсюджвайцеся на зямлі і множцеся на ёй”. І сказаў Бог Ною і сынам ягоным з ім, кажучы: “Вось, Я заключаю запавет Мой з вамі і з насеньнем вашым пасьля вас, і з усякаю душою жывою, якая з вамі: з птушкамі, са скацінай і з усімі зьвярамі зямнымі, якія з вамі, з усімі, што выйшлі з каўчэгу, з усімі зьвярамі зямлі. І Я заключаю запавет Мой з вамі, і ўжо больш ня будзе вынішчана ўсякае цела водамі патопу, і больш ня будзе патопу, каб нiшчыць зямлю”. І сказаў Бог: “Гэта знак запавету, якi Я заключаю паміж Мною і вамі і ўсякай душой жывою, якая з вамі, ў пакаленьні вечныя. Вясёлку Маю кладу на хмарах, і будзе яна знакам запавету паміж Мною і паміж зямлёю. І станецца, калі расьцягну хмары над зямлёю, будзе відаць вясёлку на хмарах, і Я ўзгадаю запавет Мой, якi паміж Мною і вамі і ўсякай душой жывою ў-ва ўсякім целе, і ня будзе больш водаў патопу, каб нішчыць усякае цела. І будзе гэтая вясёлка на хмарах, і Я ўбачу яе, і ўзгадаю вечны запавет паміж Богам і ўсякай душой жывою ў-ва ўсякім целе, якое ёсьць на зямлі”. І сказаў Бог Ною: “Гэта знак запавету, якi Я даю, паміж Мною і ўсякім целам, якое ёсьць на зямлі”. І былі сыны Ноя, якія выйшлі з каўчэгу: Сэм, Хам і Яфэт. А Хам быў бацькам Ханаана. Гэтыя тры былі сынамі Ноя, і ад іх залюднілася ўся зямля. І Ной пачаў абрабляць зямлю, і пасадзіў вінаграднік. І выпіў ён віна, і напіўся, і ляжаў голы ў сярэдзіне намёту. І ўбачыў Хам, бацька Ханаана, голасьць бацькі свайго, і распавёў двум братам сваім, якія былі звонку. І ўзялі Сэм і Яфэт адзежу і ўсклалі на плечы свае, і пайшлі сьпінаю, і накрылі голасьць бацькі свайго; а твары іхнія былі зьвернутыя назад, і яны ня бачылi голасьцi бацькі свайго. І прачнуўся Ной ад ап’яненьня свайго, і даведаўся, што яму зрабіў малодшы сын ягоны, і сказаў: “Пракляты Ханаан! Будзе ён слугою слугаў у братоў сваіх”. І сказаў: “Дабраслаўлёны ГОСПАД, Бог Сэма! Няхай будзе Ханаан слугою ягоным. Няхай пашырыць Бог Яфэта, і будзе ён жыць ў намётах Сэма, і Ханаан будзе ў яго слугою”. І жыў Ной пасьля патопу трыста пяцьдзясят гадоў. І было ўсіх дзён Ноя дзевяцьсот пяцьдзясят гадоў, і ён памёр.