БЫЦЬЦЁ. 3. А зьмей быў хітрэйшы за ўсіх зьвяроў палявых, якіх зрабіў ГОСПАД Бог. І сказаў ён жанчыне: «Ці ж гэта сказаў Бог: “Ня ешце з кожнага дрэва ў садзе”?» І сказала жанчына зьмею: “Плады дрэваў саду можам есьці, але пра плады дрэва, якое сярод саду, сказаў Бог: “Ня ешце з яго і не дакранайцеся да яго, каб вы не памерлі”. І сказаў зьмей жанчыне: “Не памрацё сьмерцю! Бо ведае Бог, што ў дзень, калі зьясьцё з яго, расплюшчацца вочы вашыя і станецеся як Бог, тымі, хто спазнае дабро і зло”. І ўбачыла жанчына, што дрэва добрае для ежы, і прывабнае для вачэй, і пажаданае дрэва дзеля разуменьня, і ўзяла яна плод ягоны, і ела, і дала мужу свайму, які быў з ёю, і ён еў. І расплюшчыліся вочы ў іх абодвух, і спазналі, што яны голыя, і сплялі лісты фігавыя, і зрабілі сабе перапаяскі. І пачулі яны голас ГОСПАДА Бога, Які хадзіў у садзе ў ветры дня, і схаваліся чалавек і жонка ягоная ад аблічча ГОСПАДА Бога сярод дрэваў саду. І паклікаў ГОСПАД Бог чалавека, і сказаў яму: “Дзе ты?” І той сказаў: “Голас Твой я пачуў у садзе і спалохаўся, бо я — голы, і схаваўся”. І сказаў Бог: “Хто распавёў табе, што ты голы? Ці ня еў ты з дрэва, з якога Я загадаў табе ня есьці?” І сказаў чалавек: “Жанчына, якую Ты даў, каб была са мною, яна дала мне з дрэва, і я еў”. І сказаў ГОСПАД Бог жанчыне: “Што ты гэта зрабіла?” І сказала жанчына: “Зьмей падмануў мяне, і я ела”. І сказаў ГОСПАД Бог зьмею: “За тое, што ты зрабіў гэта, пракляты ты між усёй скаціны і ўсіх зьвяроў палявых! На жываце сваім поўзаць будзеш і будзеш пыл есьці ў-ва ўсе дні жыцьця твайго. І Я кладу варожасьць паміж табой і жанчынай, паміж насеньнем тваім і насеньнем яе. Яно скрышыць табе галаву, а ты скрышыш яму пяту”. А жанчыне сказаў: “Памнажаючы, памножу мучэньні твае і цяжарнасьці твае, з болем будзеш нараджаць сыноў; і да мужа твайго пацяга твая, а ён будзе панаваць над табою”. А Адаму сказаў: “За тое, што ты паслухаўся голасу жонкі тваёй і еў з дрэва, пра якое Я загадаў табе, кажучы: “Ня еш з яго”, праклятая зямля з-за цябе. У мучэньнях будзеш есьці з яе у-ва ўсе дні жыцьця твайго. Церні і асот будзе радзіць яна табе, і будзеш есьці траву палявую. У поце аблічча твайго будзеш есьці хлеб, аж пакуль ня вернешся ў зямлю, бо з яе ты ўзяты, бо пыл ты і ў пыл вернешся”. І назваў чалавек імя сваёй жонцы — Ева, бо яна была маці усіх, што жывуць. І зрабіў ГОСПАД Бог Адаму і жонцы ягонай адзеньне са скуры, і апрануў іх. І сказаў ГОСПАД Бог: “Вось, чалавек стаўся як адзін з Нас, спазнаўшы дабро і зло. І цяпер няхай ня выцягне ён рукі сваёй і ня возьме таксама з дрэва жыцьця, і ня зьесьць, і ня будзе жыць вечна”. І выслаў яго ГОСПАД Бог з саду Эдэн, каб абрабляў зямлю, з якой быў узяты. І выгнаў чалавека, і паставіў на ўсходзе ад саду Эдэн херувімаў і меч палымяны, які паварочваецца наўкола, каб сьцерагчы шлях да дрэва жыцьця.